абнаўляецца, анлайн ад кар. НН у Ельску, дадаліся фота
Консульская машына з актывісткамі скіравалася з Ельскага РАУСу ў бок беларуска-украінскай мяжы.
Фота БелаПАН. |
Фота БелаПАН. |
Фота БелаПАН. |
0:49
Аляксандру Нямчынаву, Іну Шаўчэнка і Аксану Шачко вывезлі консульскім аўто з Ельскага РАУСу. Машына скіравалася ў бок украінскай мяжы, да памежнага пераходу Новая Рудня.
0:46
Супрацоўнік памежнай службы паведаміў журналісту НН, што актывістак Femen хутка павязуць на беларуска-украінскі памежны пераход Новая Рудня. У дворык РАУСу заехала машына ўкраінскага консула.
23:37
Вярнуўся консул, які ад'язджаў. Пайшоў у РАУС. Журналістам не паведаміў нічога, толькі кінуў фразу: "Зараз будзем усё высвятляць, будзем разбірацца".
22:30
Як перадае карэспандэнтка НН з-пад муроў Ельскага РАУСа, зараз дзяўчаты знаходзяцца ў аддзеле міліцыі. Унутр нікога не пускаюць. Прыехаў на некаторы час консул, сваякі дзяўчат перадалі копіі пашпартоў. Вядзецца разбіральніцтва, чаму яны апынуліся ў памежнай зоне без дакументаў.
Журналісты, якія бачылі, як дзяўчат прывезлі з бальніцы, сцвярджаюць, што яны выглядалі стомленымі і прыгнечанымі: у Іны Шаўчэнкі і Аксаны Шачко парэзаныя валасы (Аляксандра Нямчынава была і дагэтуль каротка падстрыжана). Твары запэцканыя зялёнкай.
У бальніцы значных пашкоджанняў у іх не выявілі, у асноўным -- гематомы на руках і іншых частках цела.
У момант, калі міліцыя выводзіла актывістак з лякарні, журналістам удалося задаць некалькі пытанняў дзяўчатам, дадае БелаПАН. Прадстаўніцы Femen паведамілі, што былі затрыманыя ўвечары 19 снежня на Усходнім аўтавакзале ў Мінску.
Іх затрымлівалі шэсць мужчын, якія не прадставіліся, але адразу ж насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезлі іх у невядомым кірунку.
Па словах дзяўчат, у выніку іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкай, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамеру.
Консул Украіны з'ехаў, да журналістаў выйшаў прэс-аташэ пасольства Украіны Аляксей Емяльяненка, які сказаў, што з дзяўчатамі усё ў парадку, асаблівых пашкоджанняў у іх няма.
22:22
Паводле словаў начальніка РАУСа Анатоля Якімца, трое ўкраінак сапраўды знаходзяцца ў іх. Ніякіх каментароў ён не дае, кажа, што ідзе разбіральніцтва, паведамілі Еўрарадыё па тэлефоне.
Тым часам журналісты з Мінска прыехалі ў Ельск.
Беларускія навіны дадаюць, што цяпер актывісткі Femen праходзяць медыцынскі агляд у Ельскай раённай бальніцы. У бальніцы дзяжураць супрацоўнікі Ельскага РАУС.
Міліцыянеры патлумачылі, што дзяўчаты былі знойдзены ў памежнай зоне ў вёсцы Бякі. У іх не было дакументаў, таму яны былі дастаўлены ў аддзел міліцыі для разбору. Туды ж прыбыў консул Украіны, які там чакае актывістак.
Міліцыя паведаміла, што пасля медагляду дзяўчаты будуць дастаўленыя ў аддзел для далейшага разгляду.
Як лічаць міліцыянты, дзяўчаты, якія ў панядзелак правялі акцыю каля беларускага КДБ, нічога не парушылі, бо патлумачылі, што ў памежную зону трапілі не па сваёй волі. У дачыненні да іх былі здзейсненыя гвалтоўныя дзеянні, іх вывезлі ў памежную зону і кінулі ў лесе.
16:21
Суполка Femen сцвярджае, што дзяўчат затрымалі асобы ў цывільным каля мінскага аўтавакзала, прыблізна а19-йгадзіне. У іх адабралі мабільнікі, іх збілі і выкінулі без дакументаў каля вёскі Бякі (націск на другі склад) у Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Гэта на самай мяжы з Украінай. Спачатку такая інфармацыя з’явілася ў сацыяльных сетках ад імя суполкі.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла «Нашай Ніве» кіраўнічка Femen Ганна Гуцал.
Яна сцвярджае, што
з дзяўчат здзекаваліся. Іх аблілі алеем, пагражалі падпаліць іх. Femen-істак усю ноч правазілі ў машыне. Ім абрэзалі валасы і, нарэшце, выкінулі ў лесе.
Жыхары вёсцы Бякі Ельскага раёна пацвердзілі радыё "Свабода", што 20 снежня пад вечар украінкі сапраўды прыйшлі да іх у вёску. Па словах людзей, яны былі зняможаныя. Мясцовы жыхар спадар Юрый даў ім свой тэлефон, каб украінкі змаглі датэлефанавацца да знаёмых і паведаміць пра сваё месца знаходжання.
Пасля гэтага мясцовы жыхар Аляксандр прапанаваў ім зайсці ў сваю хату, каб напаіць чаем. Жанчыны пагадзіліся.
У Ельскім райаддзеле міліцыі ў 16.45 нічога не ведалі пра ўкраінак. Аднак прыкладна праз гадзіну прадстаўнік Скараднянскага сельсавета паведаміў, што ў Бякі выехала аператыўная міліцэйская група з Ельска, каб на месцы высветліць, што здарылася з украінскімі грамадзянкамі.
У інтэрв’ю агенцтву БелаПАН Гуцал выказала меркаванне, што гэта справа рук беларускай дзяржбеспекі або міліцыі. Дзяўчаты паведамілі Гуцал, што іх выкрадальнікі здымалі ўвесь «працэс пакарання» на камеру.
Пакуль няма магчымасці пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю з крыніц, незалежных ад Femen.
Украінскія СМІ пакуль не надаюць здарэнню вялікай увагі.
Начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч на просьбу БелаПАН пракаментаваць дадзеную інфармацыю заявіў: «Няма ніякіх каментароў».
Прэс-сакратар пасольства Аляксей Емяльяненка паведаміў «Белсату», што пакуль афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі яны не маюць. «Цяпер высвятляем усе акалічнасці, ці сапраўды гэта так. Мы працуем. Зразумейце, дапамагчы дзяўчатам для нас гэта пытанне №1», — сказаў прэс-сакратар.
Ён дадае, што яны звярталіся па інфармацыю ў беларускія КДБ і МУС. Аднак, па словах Емяльяненкі, тут «ёсць свае нюансы працы». Сілавыя ведамствы абавязаны адказаць на запыт амбасады ў працягу двух дзён. Гэты тэрмін яшчэ не выйшаў, адзначае Емяльяненка.
Фотаздымкаў пакуль няма. Магчыма, журналісты зробяць іх да вечара.
Беларусь была першай дыктатарскай краінай, у якой Femen-істкі правялі свой сатырычны перформанс.
Дагэтуль яны правялі шматлікія хэпенінгі ва Украіне і іншых прававых дзяржавах. Тэмай іх пратэсту была як жаночая тэматыка, так і пытанні чалавечай годнасці. правоў асобы. Свае вядомыя перформансы яны правялі ў Кіеве ў часе візіту Пуціна і ў Маскве пасля думскіх выбараў.
Нагадаем, што ўчора,
19 снежня актывісткі украінскага руху Femen — Аляксандра Нямчынава, Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко — зладзілі акцыю каля сценаў КДБ у Мінску. Яны раздзеліся і сталі з плакатамі «Жыве Беларусь» і «Свабоду палітвязням».
Пры канцы акцыі ім удалося збегчы. Былі затрыманыя аператар Femen, грамадзянка Аўстраліі Кіці Грын, відэааператар «Нашай Нівы» Таццяна Гаўрыльчык і фотакарэспандэнт Юлія Дарашкевіч.
Кіці Грын была праз некалькі гадзін адпушчана пасля ўмяшальніцтва пасольства Аўстраліі ў Расіі.
Вечарам сувязь з украінскімі дзяўчатамі і Кіці Грын абарвалася, яны перасталі адказваць на тэлефанаванні. Кіці Грын позна вечарам была дэпартаваная ў Вільню.
Кіраўніцтва Femen (Ганна Гуцал) распаўсюдзіла зварот у Інтэрнэце з заклікам усіх добрых людзей паспрыяць пошуку дзяўчат. Беларускае КДБ і міліцыя адмаўлялі датычнасць да затрыманняў.
Open all references in tabs: [1 - 7]
Short link: Copy - http://whoel.se/~KrOSN$IL